Штодзень, раніцай ці вечарам, беручы ў рукі газету, праглядваю перш-наперш рэкламу. І ў ёй, трэба адзначыць, даволі часта сустракаю такія абяцанні: «Незалежна ад вашых здольнасцей вы загаворыце па-англійску праз 2,5 месяцы!» І калі б не быў рэалістам у жыцці, я б горка шкадаваў: «І чаму я, небарака, змарнаваў ажно пяць гадоў на вывучэнне французскай і англійскай моў у Мінскім інстытуце замежных моў, калі на гэта мне хапіла б усяго пяць месяцаў на звычайных курсах, на якія так гасцінна, хоць і не надта танна запрашаюць на кожным кроку?!»
І, сапраўды, прачытае іншы раз чалавек такую рэкламу і клюне, падумаўшы: «А чаму б і не паспрабаваць? Не багі ж гаршкі абпальваюць!» І, магчыма, паспрабуе. Можа, тыдзень, можа, месяц. А можа, і ўвесь тэрмін неяк выцягне. І, магчыма, загаворыць. Толькі загаворыць далёка не кожны жадаючы, ды і то ў межах, вызначаных праграмай, тэматыкі, граматычнага і слоўнікавага мінімуму, што нават не дае падстаў сцвярджаць: I speak English (я размаўляю па-англійску). І справа тут не ў здольнасцях чалавека, а перш за ўсё ў незвычайнай цяжкасці вывучэння моў наогул.
І тым не менш ёсць шмат людзей, якія вельмі хацелі б валодаць хаця б адной замежнай мовай. Але ж так не стае часу! Ды і тыя ж курсы не кожнаму дасягальныя. І вось тут хочацца параіць: вывучайце міжнародную дапаможную мову эсперанта! Мільёны людзей ва ўсім свеце вывучаюць гэтую надзвычай простую, надзвычай лёгкую для вывучэння і даволі мілагучную мову. І яшчэ мільёны выкарыстоўваюць яе ў сваім паўсядзённым жыцці як хобі, як любімы занятак, лістуючыся з эсперантыстамі краін, якія іх асабліва цікавяць. Вельмі часта, вывучыўшы эсперанта, яны на гэтым не спыняюцца, а пачынаюць вывучаць якую-небудзь замежную мову, бо веданне эсперанта аблягчае вывучэнне той жа англійскай або нямецкай мовы, і асабліва моў раманскай групы: французскай, іспанскай, італьянскай.
Прапануючы вам кнігу «Мова эсперанта. Практычны дапаможнік», хачу адзначыць, што такая кніга на беларускай мове выдаецца ўпершыню. Яна можа быць выкарыстана для вывучэння эсперанта як самастойна, так і ў секцыях ці гуртках.
У першым раздзеле «Эсперанта на Беларусі» чытач даведаецца аб распаўсюджанні эсперанта на Беларусі з пачатку існавання мовы і да апошняга часу.
Другі раздзел кнігі — асноўны. У ім граматыка эсперанта выкладзена даступнай нават школьніку мовай. Усе правілы падзелены на параграфы і пункты, што з’яўляецца дадатковай зручнасцю пры карыстанні кнігай.
Трэці раздзел «Вучэбныя практыкаванні і тэксты» вызначае характар кнігі: яна не з’яўляецца падручнікам, а толькі дапаможнікам. Асобам, якія вывучаюць мову эсперанта самастойна, рэкамендую працаваць з практыкаваннямі і тэкстамі метадам зваротнага перакладу: спачатку перакладаеце тэкст з эсперанта на беларускую мову, а потым (лепш на наступны дзень) з беларускай на эсперанта і правяраеце правільнасць вашага перакладу па кнізе. Пажадана, каб гэтак выконвалася адно і тое ж практыкаванне па некалькі разоў. Такім чынам лягчэй будуць запамінацца словы і засвойвацца граматычныя правілы на практыцы.
У чацвёртым раздзеле пададзены паэтычныя творы беларускіх эсперантыстаў і творы беларускіх паэтаў у перакладзе на мову эсперанта, большасць з якіх нідзе раней не друкавалася.
Апошні раздзел у кнізе — эсперанта-беларускі слоўнік, у якім пададзены словы для актыўнага засваення.
Хочацца пажадаць усім, хто возьме ў рукі гэты дапаможнік з мэтай вывучэння міжнароднай мовы эсперанта, поспехаў.