2.1. У эсперанта 28 гукаў і 28 літар, з якіх складаецца алфавіт. Кожная літара адпавядае толькі аднаму гуку і чытаецца аднолькава ў любым спалучэнні літар.

2.2. Галосныя ў эсперанта вымаўляюцца як адпаведныя галосныя ў беларускай мове пад націскам, вельмі выразна. Трэба пазбягаць змякчэння зычных перад галосным i.

2.3. Гук [g] адпавядае гуку [г] у рускай мове, напрыклад, у словах гость, гол. Для беларускай мовы гук гэты не характэрны, хоць і сустракаецца ў некаторых словах (мазгі, ганак, бразгаць).

2.4. Гук [h] адпавядае беларускаму [г], напрыклад, у словах госць, годзе.

2.5. Гук [l] вымаўляецца як гук сярэдні паміж беларускімі [л] і [ль]. Для правільнага вымаўлення эсперанцкага [l] кончык языка павінен дакранацца верхняга паднябення, крыху вышэй альвеолаў, у той час як пры вымаўленні беларускага [л] кончык языка знаходзіцца ля верхніх зубоў.

2.6. Гукі [d] і [t] перад [i] не змякчаюцца, а сам гук [i] вымаўляецца больш напружана, як бы набліжаючыся да [ы].

2.7. Усе астатнія зычныя вымаўляюцца як адпаведныя ім беларускія. Аднак трэба пазбягаць выразнага аглушэння ці азванчэння і асабліва змякчэння зычных.

2.8. Націск у эсперанта заўсёды падае на перадапошні склад: Be-lo-ru-‘si-o, re-vo-lu-‘ci-o, ma-ni-fes-ta-‘ci-o.