21.1. Даслоўны пераклад прыназоўнікаў магчымы даволі рэдка, таму ўжыванне прыназоўнікаў пры перакладзе стварае пэўныя цяжкасці. Адзіны выхад тут: сэнсавая перадача цэлых выразаў, ужываючы простыя, складаныя і састаўныя прыназоўнікі. У наступным параграфе засяродзім увагу на магчымасцях перадачы беларускіх прыназоўнікаў сродкамі эсперанта.
21.2. А— ужываецца для паказання часу: а шостай гадзіне — je la sesa horo, а палове чацвёртай — je la tria kaj duono.
21.3. Аб(а) — 1. Для паказу сутыкнення: ён стукнуўся аб сцяну — li frapis sin kontraŭ la muro. 2. Для паказу на прадмет размовы, думкі, пачуцця і г. д.: аб чым нам гаварыць з табой?! — Pri kio ni parolu kun vi!? 3. Для паказу азначанага прамежку часу: аб ноч — dum unu nokto, аб дзень — dum unu tago. 4. Для паказу прадметаў харчавання: жыве аб адной бульбе — li vivas nur per terpomoj, аб адной вадзе сыты не будзеш — nur per akvo sata vi ne estos.
21.4. Абапал: абапал дарогі раслі бярозы — ambaŭflanke de vojo kreskis betuloj.
21.5. Ад(а) — 1. У розных значэннях: а) de: адысці ад горада — foriri de urbo, вызваліцца ад прыгнёту — liberiĝi de premo, схавацца ад дажджу — kaŝiĝi de pluvo, весткі ад бацькоў — novaĵoj de gepatroj, ад вясны да восені — de printempo ĝis aŭtuno; б) пасля некаторых дзеясловаў: він. склон без прыназоўніка: адмовіцца ад дапамогі — rifuzi helpon; в) en: ад імя дэлегацыі — en la nomo de delegacio; г) el: ад усяго сэрца — el la tuta koro; д) pro: дрыжаць ад страху — tremi pro timo. 2. Пры ўжыванні ступеняў параўнання: вышэй ад гор — pli alte(n) ol montoj, мацней ад грому — pli laŭte(n) ol tondro, лепшы ад усіх — la plej bona el ĉiuj.
21.6. Без — sen: без сяброў цяжка жыць — sen amikoj estas malfacile vivi.
21.7. Воддаль — iom for: воддаль дарогі стаяла вёска — iom for de la vojo estis (troviĝis) vilaĝo.
21.8. Да — al. 1) для паказу напрамку ці мэты дзеяння, далучэння да чаго- або каго-небудзь, адпаведнасці ці неадпаведнасці чаму- або каму-небудзь: да зброі! — al la armiloj!, сход падыходзіў да канца — la kunveno proksimiĝis al fino, рыхтавацца да свята — prepari sin al la festo, заклікаць да барацьбы — voki al batalo, да трох дадаць тры — al tri aldoni tri, да пытання аб… — al la demando pri…, мы ішлі да вёскі — ni iris al (ĝis) vilaĝo; 2) для паказу падабенства, блізкасці: падобны да бацькі — simila al la patro.
ĝis — 1) для паказу адлегласці, прамежку часу: да вёскі заставалася яшчэ тры кіламетры — ĝis la vilaĝo restis ankoraŭ tri kilometroj, тры дні да жніва — tri tagoj antaŭ la rikolto, зранку да вечара — de mateno ĝis vespero.
2) аж да чаго-небудзь, у адпаведнасці з чым-небудзь: у вадзе да пояса — en akvo ĝis zono, з першага да пятага раздзела — ekde la unua ĝis la kvina ĉapitro.
antaŭ — (перад): да вайны — antaŭ la milito.
Па сэнсу могуць ужывацца і іншыя прыназоўнікі: я прыгатаваў табе да свята добры падарунак — mi preparis al vi por la festo bonan donacon, ехаць да Мінска — veturi en Minskon.
21.9. З, са — 1) el: а) у адказ на пытанне «адкуль?»: вецер з усходу — la vento el oriento, пісьмо з радзімы — la letero el patrio, ісці з лесу — iri el arbaro, даведацца з газет — ekscii el gazetaro; б) у адказ на пытанне «з чаго?»: па тры тоны з гектара — po tri tunoj el hektaro, здача з рубля — restaĵo el rublo, копія з ліста — kopio el la letero, пераклад з беларускай мовы — traduko el la belarusa lingvo;
2) de у адказ на пытанне «з чаго?», «з каго?», калі паказаны пачатак: з галавы да пят — de la kapo ĝis la kalkanoj, з яго ўзялі тры рублі — de li oni prenis tri rublojn, з маладых год — de junaj jaroj, пачнём з вас — ni komencu de vi, з гэтага часу — de tiu ĉi tempo, з дня на дзень — de tago al tago;
3) kun — у адказ на пытанні «з кім?», «з чым?»: а) пры паказе сумеснасці дзеяння ці сувязі: з сябрам — kun amiko, з вучнямі — kun gelernantoj; б) пры паказе спосабу або манеры: з усмешкай — kun rideto, з задавальненнем — kun kontento, з намерам — kun intenco, з радасцю — kun ĝojo;
4) pro у адказ на пытанне «з чаго?» ці «чаму?» пры паказе прычыны: спяваць з радасці — kanti pro ĝojo, спытаць з далікатнасці — demandi pro ĝentileco;
5) per у адказ на пытанне «з чаго?», але пры паказе спосабу дзеяння: пісаць з вялікай літары — skribi per majusklo, пачаць з даклада — komenci per raporto;
6) ĉirkaŭ або preskaŭ, калі трэба паказаць прыблізнасць: з тыдзень — ĉirkaŭ (preskaŭ) semajnon, з гадзіну — ĉirkaŭ (preskaŭ) unu horon, з кіламетр — ĉirkaŭ (preskaŭ) unu kilometron;
7) перакладаецца іншымі прыназоўнікамі згодна сэнсу: узяць са стала (з шуфляды) — preni el la tablo, узяць са стала (з паверхні) — preni de-sur la tablo, кола з машыны (было на кузаве) — rado de-sur la aŭto, кола з машыны (ад машыны) — rado de aŭto, з вашага дазволу — laŭ via permeso, добра бачны з акна — bone videbla tra la fenestro, змагацца з ворагам — batali kontraŭ malamiko, нарыхтаваць з восені — prepari dum la aŭtuno, з мяне даволі — al mi sufiĉas, por mi sufiĉas, жаніцца з Верай — edziĝi al Vera, што з Вамі? — kio okazis al vi?
8) можа перакладацца вінавальным склонам без прыназоўніка: З Новым годам! — Feliĉan Novan Jaron! смяяцца (насміхацца) з Віктара — primoki Viktoron;
9) можа замяняцца злучнікам і: я з табой — mi kaj vi, Мікола з Віцем — Nikolao kaj Viktoro.
21.10. За — 1) post: а) для паказу месца знаходжання ці напрамку: стаяць за дзвярыма — stari post la pordo, выйсці за дзверы — eliri post la pordon, за ракой — post la rivero, за раку — post la riveron, б) каб паказаць паслядоўнасць: адзін за другім — unu post alia, дзень за днём — tagon post tago; в) каб паказаць празмернасць чаго-небудзь: далёка за поўнач — longe post meznokto, яму за пяцьдзясят — li estas post kvindek;
2) ĉe (у значэнні; ля, каля, наўкол): сядзець за сталом — sidi ĉe la tablo; сесці за стол — sidiĝi ĉe la tablon;
3) por — а) для паказу мэты: паслаць за доктарам — sendi por kuracisto; б) каб паказаць абмежаванасць часу: справаздача за месяц — raporto por la monato; в) каб паказаць згоду: я «за» — mi estas por; г) у пажаданнях: За ваша здароўе! — Por via sano! д) для паказу на прадмет, рэч ці што іншае, за што можна заплаціць ці што можна абмяняць на што іншае: За гэтую кнігу я не даў бы і рубля! — Por tiu ĉi libro mi ne donus eĉ rublon!
4) pro — для паказу прычыны: за шумам нічога не чуваць — pro bruo nenio aŭdeblas;
5) per — а) для паказу нейкага часу ці выпадку: за адзін раз — per unu fojo; б) для паказу цаны або кошту: За дваццаць рублёў вы маглі б купіць лепшае плацце. — Per dudek rubloj vi povus aĉeti pli bonan robon;
6) antaŭ у значэнні «раней»: за тыдзень да Новага года — unu semajnon antaŭ la Nova Jaro.
7) malantaŭ (у значэнні «ззаду», «па-за»): за домам — malantaŭ domo, за ракой — malantaŭ rivero;
8) anstataŭ (у значэнні «замест»): сёння я працаваў за Віктара — hodiaŭ mi laboris anstataŭ Viktoro;
9) dum — а) каб паказаць адрэзак часу: за дзень я паспеў многа зрабіць — dum unu tago mi sukcesis multon fari; б) каб паказаць адначасовасць дзеяння: расказваць за работай — rakonti dum laboro;
10) al — каб паказаць нейкае дачыненне да каго-небудзь: выйсці замуж за каго-небудзь — edziniĝi al iu, яна замужам за інжынерам — ŝi estas edziniĝinta al inĝeniero.
11) el, ol — у ступенях параўнання: бялей за снег — pli blanka ol neĝo, лепшы за ўсіх — plej bona el ĉiuj;
12) можа перакладацца вінавальным склонам без прыназоўніка: за месяц да свята — unu monaton antaŭ la festo, за сорак кіламетраў ад Мінска — kvardek kilometrojn de Minsk.
21.11. Згодна — laŭ, konforme kun ці je, al: згодна вашаму загаду — laŭ via ordono, konforme al (kun) via ordono.
21.12. З-за — el-post: сонца паднялося з-за лесу — la suno leviĝis el-post la arbaro.
21.13. Ззаду — malantaŭ, post: ён шоу за возам — li marŝis malantaŭ la ĉaro; я чуў, што ззаду мяне нехта ішоў — mi aŭdis, ke iu iris post mi.
21.14. З-над — de (de-super): з-над ракі — de (de-super) la rivero.
21.15. З-пад — 1) el-sub: з-пад стала — el-sub la tablo, з-пад кнігі — el-sub la libro;
2) el-apud: з-пад дома загаўкаў сабака — la hundo ekbojis el-apud la domo;
3) el najbaraĵo (ĉirkaŭaĵo) de: ён з-пад Віцебска — li estas el najbaraĵo (ĉirkaŭaĵo) de Vitebsk;
4) por або слоўнымі замяняльнікамі: каробка з-пад цукерак — skatolo por bombonoj, por bombona skatolo, бутэлька з-пад малака — botelo por lakto, laktbotelo.
21.16. З-па-над — de: З-па-над ракі даносіліся чыесьці галасы. — De la rivero aŭdiĝis ies voĉoj.
21.17. К — al: Дзень хіліўся к вечару. — La tago proksimiĝis al vespero. Падысці да стала — proksimiĝi (aliri) al la tablo.
21.18. Каля — 1) ĉe, apud: сядзець каля акна — sidi ĉe la fenestro, каля стала — ĉe la tablo, каля кастра — ĉe la fajro, жыць каля станцыі — loĝi apud la stacio;
2) preskaŭ, ĉirkaŭ — у значэнні «прыблізна»; прайшло каля гадзіны (часу) — jam pasis preskaŭ (ĉirkaŭ) unu horo, я чакаў яго каля гадзіны — mi atendis lin preskaŭ unu horon, да вёскі яшчэ заставалася каля кіламетра — ĝis la vilaĝo ankoraŭ restis preskaŭ (ĉirkaŭ) unu kilometro, мы прайшлі каля кіламетра — ni trairis jam preskaŭ (ĉirkaŭ) unu kilometron. Было каля апоўначы — estis preskaŭ meznokto, ён жыў тут каля дзесяці гадоў — li loĝis ĉi tie ĉirkaŭ dek jarojn, сабраць сяброў каля сябе — kolekti amikojn ĉirkaŭ si, танцаваць, як кот каля гаршка — danci kiel kato ĉirkaŭ poto.
21.19. Край — ĉe: край дарогі — ĉe la vojo.
21.20. Ля гл.: каля (21.18).
21.21. Між — inter: дружба паміж народамі — amikeco inter popoloj, між іншым — interalie, між тым як… — dum.
21.22. На — 1) sur (у значэнні на паверхні чаго-небудзь): на стале — sur la tablo, на зямлі — sur la tero;
2) en — (калі трэба паказаць месца знаходжання ці напрамак, а таксама, калі гаворка ідзе пра мовы): на фабрыцы — en fabriko, на фабрыку — en fabrikon, на Палессі — en Polesio, на Палессе — en Polesion, на беларускай мове — en la belarusa lingvo, перакласці на беларускую мову — traduki en la belarusan;
3) dum (для абазначэння працягласці: на дзяжурстве — dum la deĵoro;
4) часам магчыма выкарыстанне прыназоўнікаў dum, en у адных і тых жа выпадках: на трэці дзень — dum (en) la tria tago;
5) al (каб паказаць напрамак ці дачыненне): падобны на бацьку — simila al patro, дарога на Мінск — la vojo al Minsk, ісці на канцэрт — iri al la koncerto;
6) por (каб паказаць працягласць мэты ці нейкую мяжу чаго-небудзь): на зіму — por la vintro, на два дні — por du tagoj, на тры рублі — por tri rubloj;
7) per (каб паказаць сродак): на поездзе — per trajno;
8) часта назоўнік з прыназоўнікам на замяняецца пры перакладзе на эсперанта прыслоўем: на захадзе — en okcidento, okcidente, на захад — en okcidenton, okcidenten, на людзях — publike, стаяць на каленях — stari genue, стаць на калені — stari genuen, назначыць сустрэчу на нядзелю — fiksi renkontiĝon dimanĉe;
9) часта замест назоўнікаў з прыназоўнікамі могуць ужывацца дзеясловы або выразы з дзеясловамі: зваліць віну на каго-небудзь — anstataŭ kulpigi iun, kulpigi iun anstataŭ iu; падняць на смех каго-небудзь — primoki iun, перакласці на беларускую мову — belarusigi;
10) калі цяжка вызначыць, які прыназоўнік можна выкарыстаць, можна ўжываць прыназоўнік je ці вінавальны склон: іграць на піяніна — ludi pianon, падзяліць на часткі — dividi je partoj, карацей на паўметра — pli mallonga je duonmetro, чакаць на каго-небудзь — atendi iun.
21.23. Наверх — super: наверх сарочкі — super la ĉemizo(n).
21.24. Навокал — ĉirkaŭ: навокал агню сядзелі людзі — ĉirkaŭ la fajro sidis homoj.
21.25. Над — 1) super: над зямлёй — super la tero, працаваць над чым-небудзь — labori super io;
2) выкарыстоўваюцца ступені параўнання: над яго майстра няма — li estas la plej bona majstro, мароз над маразамі — frosto la plej forta;
3) выкарыстоўваецца выраз: дзеяслоў з вінавальным склонам: мець перавагу над чым-небудзь — superi ion, думаць над матэрыялам для газеты — pripensi materialon por gazeto.
21.26. Напроці, напроціў — 1) kontraŭ (у прасторавым значэнні): напроці ветру — kontraŭ vento, напроці мяне — kontraŭ mi(n);
2) для паказу часу выкарыстоўваюцца розныя моўныя сродкі: ісці напроці ночы — iri en nokto, iri en mallumo, iri en la proksimiĝantan nokton.
21.27. Наперадзе — antaŭ: сядзець наперадзе каго-небудзь — sidi antaŭ iu.
21.28. Наперакор — malgraŭ, spite al. З усіх сіл ён змагаўся за тое, каб стаць чалавекам наперакор свайму нялёгкаму лёсу. — Per ĉiuj fortoj li batalis por iĝi homo malgraŭ sia malfacila sorto. Наперакор пажаданню ўсяго калектыву ён адмовіўся ехаць разам з імі. — Spite deziron de la tuta kolektivo li rifuzis veturi kun ili.
21.29. Напярэдадні — tagon (kelkan tempon) antaŭ: напярэдадні свята — tagon antaŭ la festo, напярэдадні рэвалюцыі — kelkan tempon antaŭ la revolucio.
21.30. Насупраць — kontraŭ: ён сядзеў насупраць (насупроць) акна — li sidis kontraŭ la fenestro.
21.31. Наўзамен — anstataŭe; interŝanĝe; pro: Ён аддаў сваю кнігу наўзамен згубленай. — Li redonis sian libron anstataŭ la perditan. Наўзамен гэтай кнігі я магу табе даць аж тры сваіх па твайму выбару. — Pro tiu ĉi via libro mi povas doni interŝanĝe eĉ tri miajn laŭ via elekto.
21.32. Наўздоўж — laŭ longe de: Мікола ішоў наўздоўж ракі — Nikolao iris laŭ longe de la rivero. Крэслы стаялі наўздоўж сцяны — La foteloj staris laŭ longe de la muro.
21.33. Наўкол(а) — гл.: навокал.
21.34. Наўкос — наўскасы — наўскасяк — наўскос — oblikve, malrekte. Тэлефонная лінія ішла наўскасяк дарогі. — La telefono linio pasis oblikve (malrekte) al la vojo.
21.35. Наўсцяж — гл.: 21.32 (першы прыклад).
21.36. Па — sur: а) (для паказу месца знаходжання): па стале былі раскіданы кнігі — la libroj estis disĵetitaj sur la tablo; б) tra (для паказу месца перамяшчэння): ісці па вуліцы. — iri tra la strato, падарожнічаць па краіне — vojaĝi tra la lando; в) en (калі месца перамяшчэння абмежавана значна): хадзіць па пакоі — marsi en (tra) la ĉambro; г) laŭ (калі перамяшчэнне паказала: па чым): ехаць па дарозе — veturi laŭ la vojo; д) laŭ (у значэнні згодна, паводле): па вашаму загаду — laŭ via ordono, па паходжанні — laŭ deveno; е) ĝis (пры адказе на пытанне: дакуль?): у вадзе па пояс — en akvo ĝis zono; ж) pri (пры адказе на пытанне: па кім? чым?): сумаваць па дзецях — sopiri pri infanoj, не бядуй па мне! — ne malĝoju pri mi; з) por (для паказу мэты): ісці ў лес па грыбы — iri en arbaron por fungoj; і) per (у значэнні пры дапамозе): па пошце — per poŝto, па чыгунцы — per fervojo, па радыё — per radio, чытаць па складах — legi per silaboj; к) pro (у значэнні з прычыны, праз штосьці): па хваробе — pro malsano, па дабраце сваёй — pro sia boneco; л) post (у значэнні «пасля»): на наступны дзень па яго прыбыцці — la sekvantan tagon post lia alveno; м) dum (у значэннях часу): па начах — dum noktoj; н) po (у раздзяляльным значэнні): па адным яблыку — po unu pomo; о) sur (пры паказе напрамку дзеяння): стукаць па стале — frapi sur la tablo.
21.37. Паабапал — гл.: 21.4. (абапал).
21.38. Паблізу — proksime de: вёска знаходзілася паблізу горада — la vilaĝo troviĝis proksime de la urbo.
21.39. Паверх — super: паверх кашулі ў яго была камізэлька — super la ĉemizo li havis la veŝton.
21.40. Паводле — laŭ, konforme kun (al, je): паводле паведамленняў газе — laŭ informoj de ĵurnaloj, паводле апошняй моды — konforme kun (konforme al, konforme je) la lasta modo.
21.41. Пад(а) — sub: пад сталом — sub la tablo, пад стол — sub la tablon.
21.42. Па-за — post, ekster: па-за гарамі — post la montoj, па-за часам і прасторай — ekster la tempo kaj spaco.
21.43.Па-над — super, laŭ longe de: месяц плыве па-над вёскай — la Luno pendas super la vilaĝo, шуміць па-над Нёманам бор — la arbaro bruas laŭ longe de Neman rivero.
21.44. Паперадзе — antaŭ: Віктар ішоў паперадзе калоны. — Viktoro marŝis antaŭ la kolono.
21.45. Пасля — post: пасля сустрэчы — post la renkontiĝo.
21.46. Пасярод — meze de, inter: пасярод ночы — meze de la nokto, пасярод двара — meze de la korto, пасярод нас — inter ni.
21.47. Пасярэдзіне — meze de: пасярэдзіне пакоя стаяў стол — meze de la ĉambro staris tablo.
21.48. Паўз — preter, laŭ longe de: мы праязджалі паўз лес — ni veturis preter (laŭ longe de) arbaro.
21.49. Паўзверх — super: вада пайшла паўзверх лёду — la akvo eliĝis (elsubiĝis) super la glacion.
21.50. Перад, прад — antaŭ: перад вайной — antaŭ la milito, перад домам — antaŭ la domo.
21.51. Побліз — гл.: паблізу (21.39).
21.52. Пра — pri: я ўспамінаю пра цябе — mi rememoras pri vi, мы гаварылі пра адпачынак — ni parolis pri la ripozo.
21.53. Праз — а) tra (праходзячы, мінуючы нешта): ісці праз лес — iri tra la arbaro; б) post (праз нейкі час): праз дзве гадзіны — post du horoj; в) per (пры дапамозе): спагнаць праз суд — depreni per juĝistaro; г) pro (па прычыне): праз цябе мы спазніліся — ni malfruiĝis pro vi; д) dum (на працягу нейкага часу): ён гаварыў сам з сабой праз усю дарогу — li parolis kun si mem dum la tuta vojo.
21.54. Праміж — inter: правезці праміж двух дубоў (двума дубамі) — traveturigi inter du kverkoj.
21.55. Проці — гл.: супраць (21.59).
21.56. Пры — а) ĉe: жыць пры бацьках — loĝi ĉe la gepatroj, сядзяць пры акне — sidi ĉe la fenestro; б) для паказу блізкасці таксама ўжываецца прыназоўнік apud: сядзець пры акне — sidi apud la fenestro. Аднак прыназоўнік ĉe паказвае на большую блізкасць, чым прыназоўнік apud; в) kun (для паказу наяўнасці): трымаць дакументы пры сабе — havi dokumentojn kun si, быць пры зброі — esti kun armiloj, пры ўдзеле партызан — kun partopreno de partizanoj.
Заўвага: Розніцу паміж ĉe і apud можна зразумець па прыкладах: loĝi ĉe la gepatroj — жыць пры бацьках (у адным доме, у адной сям’і з імі), loĝi apud la gepatroj — жыць пры бацьках (жыць у доме, які стаіць побач з домам бацькоў).
21.57. Скрозь — tra: скрозь галіны хвоі — tra branĉoj de la pino, праваліцца скрозь зямлю — fali tra la tero.
21.58. Супраць — kontraŭ: я не супраць цябе — mi ne estas kontraŭ vi, хата супраць школы — la kabano kontraŭ la lernejo, лякарства супраць прастуды — la kuracilo kontraŭ la malvarmumo.
21.59. У, ува — а) en (у розных значэннях): ува мне — en mi, у пакоі — en la ĉambro, у душы — en animo, ехаць у лесе — veturi en arbaro, уехаць у лес — veturi en arbaron; б) al (для абазначэння напрамку): ісці ў інстытут — iri al instituto, параўнаем: iri en instituton; в) sur (для паказу напрамку дзеяння): стукаць у акно, у дзверы — frapadi sur la fenestron, sur la pordon; г) ĉe (для паказу месца знаходжання): жыць у таварыша — loĝi ĉe la kamarado, прасіць кнігу ў вучня — peti la libron ĉe lernanto; д) ĝis (у адказ на пытанне «дакуль?»): намяло снегу ў пояс — la neĝo blovamasiĝis ĝis zono, трава ў калена — la herbo ĝis genuo; е) por (для паказу мэты): пайсці ў грыбы — iri por fungoj, паехаць у дровы — veturi por hejtlignaĵo; ж) dum (для паказання часу ў будучым, у гэтым выпадку можа выкарыстоўвацца прыназоўнік en таксама): у бліжэйшыя дні — dum (en) proksimaj tagoj, зрабіць усё ў некалькі мінут — fari ĉion dum kelkaj minutoj; з) у канструкцыях тыпу «у мяне, у Міколы…» выкарыстоўваецца дзеяслоў havi — мець: у мяне цікавая кніга — mi havas interesan libron, у яго баліць галава — li havas kapdoloron, у генерала сівыя валасы — la generalo havas grizajn harojn; і) пры выкарыстанні вінавальнага склону прыназоўнік можа апускацца, пры гэтым дапускаецца замена назоўніка на прыслоўе: ісці ў лес — iri en arbaron — iri arbaron — iri arbaren; к) да папярэдняга прыкладу набліжаюцца ўстойлівыя выразы з вінавальным склонам: іграць у дудачку — ludi blovtubon; л) назоўнік з прыназоўнікам можа замяняцца дзеясловам ці прыслоўем: прыйсці ў госці — veni gaste — veni gasti; м) назоўнік з прыназоўнікам можа замяняцца складаным словам: гуляць у хованкі — kaŝludi, гуляць у шахматы — ŝakludi; н) у выпадках, калі называюцца памеры, прыназоўнік у эсперанта не ўжываецца: плошча ў два гектары — la tereno du hektarojn granda, кніга ў тысячу старонак, у пяць рублёў цаною — la libro mil paĝojn ampleksa, kvin rublojn kosta, у два разы большы — duoble pli granda.
21.60. Узамен — гл.: наўзамен (21.32).
21.61. Уздоўж — гл.: наўздоўж (21.33).