У ліпені 1887 года ў Варшаве выйшла кніга «Міжнародная мова. Прадмова і поўны падручнік. Для рускіх». Аўтар палічыў за лепшае выдаць кнігу пад псеўданімам «доктар Эсперанта». Само слова «эсперанто» ў перакладзе з новай мовы азначала «чалавек, які спадзяецца». Гэтым псеўданімам доктар-акуліст з Беластока Людовік Лазар Заменгоф выказаў сваё спадзяванне, што яго мова прыдасца для міжнародных зносін і будзе карыснай простаму люду, які не ў стане вывучыць некалькі замежных моў, каб мець зносіны (размаўляць ці ліставацца) з чужаземцамі. І трэба адзначыць, што спадзяванні аўтара міжнароднай мовы эсперанта спраўдзіліся: зараз мільёны і мільёны людзей ва ўсіх краінах свету выкарыстоўваюць мову Заменгофа для сваіх патрэб ці вывучаюць яе.

Аднак шлях да міжнароднага прызнання карысці новай мовы быў у эсперанта нялёгкі. Распаўсюджванне яе ішло даволі марудна. У тым жа 1887 годзе аўтар выдаў свой падручнік на нямецкай, французскай і польскай мовах, а ў наступным, 1888 годзе, — на англійскай. У гэтым жа годзе быў створаны і першы клуб эсперантыстаў, аматараў мовы эсперанта, у Нюрнбергу (Германія), а ў 1889 годзе ў гэтым жа горадзе пачало выходзіць і першае перыядычнае выданне на эсперанта «La Esperantisto».

У Расіі першая група эсперантыстаў узнікла ў Маскве ў 1889 годзе, а ў 1891 годзе была створана першая афіцыйная суполка эсперантыстаў «Espero» («Надзея») у Пецярбурзе. Але ў Расіі заўсёды панавала моцная цэнзура і ствараць такія суполкі было амаль немагчыма. А пасля апублікавання ў часопісе «La Esperantisto» артыкулаў Льва Талстога царская цэнзура наогул забараніла распаўсюджванне гэтага часопіса ў Расіі, як «служащего органом лжеучения» графа Льва Талстога. Зразумела, што пад тайным наглядам паліцыі апынуліся і эсперантысты краіны. Аднак, нягледзячы на гэта, эсперанта заваёўвала ўсё новых і новых прыхільнікаў.

Аднымі з першых эсперантыстаў на Беларусі можна лічыць таленавітага даследчыка прыроды Уладзіслава Дыбоўскага (1838—1910) і яго брата Бенядзікта. Яны нават сабралі вялікую на свой час бібліятэку выданняў на мове эсперанта.

Аднак больш шырокае распаўсюджванне мова эсперанта набывае ў Расіі і на Беларусі на пачатку нашага стагоддзя. Менавіта ў гэты час эсперанта пачынаюць вывучаць І. М. Фёдараў (1904), які пасля становіцца вядомым беларускім дзіцячым пісьменнікам Янкам Маўрам, Д. І. Выгодскі (Гомель, 1903), які потым стаў вядомым пісьменнікам і перакладчыкам з іспанскай і партугальскай моў, З. Х. Жылуновіч (1905—1906), больш вядомы як беларускі пісьменнік Цішка Гартны.

Прыкладна ў гэты ж час эсперанта пачынаюць вывучаць Э. В. Палсемен з мястэчка Холмеч каля Рэчыцы, браты з Рэчыцы М. А. Мнухін (1904) і Г. А. Мнухін (1911), якія сталі прапагандыстамі мовы эсперанта. А Георгій Дзешкін, які вывучыў эсперанта ў 1908 годзе, быў адным з арганізатараў суполкі эсперантыстаў у Вільні ў 1909 годзе. Праўда, група эсперантыстаў у Вільні існавала і намнога раней, яшчэ ў 1892 годзе, але арганізацыйна яна не была аб’яднана і праз некаторы час распалася. З цягам часу Георгій Дзешкін стаў вядомым сярод эсперантыстаў не толькі як актыўны прапагандыст мовы эсперанта, але і як паэт, які піша вершы на мове эсперанта. Яго вершы публікаваліся ў часопісах, выходзілі асобнымі кніжкамі.

У 1913 годзе пачаў вывучаць мову эсперанта Гірш Бранзбург, які жыў тады ў Віцебску. Тут да гэтага часу ўжо існавала невялікая група эсперантыстаў, якія час ад часу збіраліся на кватэры ў доктара Урбановіча.

Якасна новы штуршок развіццю руху эсперантыстаў даюць падзеі 1917—1918 гадоў. Увесь народ як быццам абудзіўся ад летаргічнага сну. Палітычная актыўнасць простага народа, асабліва моладзі, прага да ведаў аказалі найбольшы ўплыў і на развіццё руху эсперантыстаў. У рух уліваюцца свежыя, больш актыўныя сілы. А дзейнасць эсперантыстаў набывае новыя формы. Яны цяпер не толькі прапагандуюць мову эсперанта, але і пачынаюць яе выкладанне на курсах і ў гуртках. Ужо ў 1919 годзе Э. В. Палсемен выкладае мову эсперанта ў школах Чэрвеня, а Грыгаровіч становіцца актыўным арганізатарам эсперанта-курсаў у Віцебску. Тут жа, у Віцебску, пачынае сваю дзейнасць і Е. М. Флейс як кіраўнік эсперанта-курсаў (1919—1921). І менавіта ў Віцебску праходзіць прыфрантавы з’езд эсперантыстаў, у якім прымаюць удзел эсперантысты з розных куткоў Беларусі і Смаленшчыны.

Яшчэ раней, у 1918 годзе, у Гомелі ствараецца група эсперантыстаў, у якую ўвайшлі А. Г. Юдзіцкі, Секірштэйн і інш. У гэтай групе пачынаў вывучаць эсперанта Змітрок Снежка, які пасля стане фігурай № 2 у беларускім руху эсперантыстаў даваеннага часу.

2—5 чэрвеня 1921 года ў Петраградзе адбыўся III Усерасійскі з’езд эсперантыстаў, які быў адначасова аб’яўлены і І з’ездам Саюза эсперантыстаў савецкіх краін (СЭСК), які пасля быў перайменаваны ў Саюз эсперантыстаў Савецкіх Рэспублік (СЭСР). У Цэнтральны Камітэт СЭСК быў абраны і эсперантыст з Віцебска Б. Шабер.

У 1923 годзе СЭСК выдаў першую сваю адрасную кнігу, у якой былі зарэгістраваны суполка эсперантыстаў у Віцебску (кіраўнік Б. Шабер), суполка «Verda lumo» («Зялёнае святло») у сяле Магільна (кіраўнік Ст. Пустошка), група эсперантыстаў у Кублічах на чале з М. Н. Смірновым, суполкі эсперантыстаў у Гомелі, Рэчыцы (кіраўнік М. А. Мнухін) і Новазыбкаве (кіраўнік Р. І. Берэнштэйн). У Мінску працавала гарадская суполка эсперантыстаў (кіраўнік Зм. Снежка) і студэнцкі гурток эсперантыстаў пры Дзяржуніверсітэце. Былі таксама суполкі эсперантыстаў у Бабруйску (кіраўнік Е. Валкоўскі), Чэрвені (кіраўнік Е. Велітоўскі), Заслаўі (кіраўнік Р. Белавус).

У студзені 1924 года ў Мінску ствараецца Цэнтральнае Бюро Беларускай арганізацыі СЭСР, старшынёй якога становіцца Ян Клыс, а сакратаром Змітрок Снежка. Пачалася актыўная работа гэтых двух таварышаў на ніве развіцця эсперанта-руху на Беларусі. Ужо да I Усебеларускай канферэнцыі СЭСР, якая адбылася 28—29 мая 1925 года ў Мінску, у БССР налічвалася 37 гурткоў эсперантыстаў: у Мінску, Віцебску, Гомелі, Рэчыцы, Слуцку, Талочыне, Жлобіне, Смілавічах і ў іншых месцах. К гэтаму часу ў рух эсперантыстаў прыйшлі новыя маладыя энергічныя людзі, як, напрыклад, М. П. Мандрык (1921) і Б. Берын (1923) у Рэчыцы, Г. Бранзбург у Віцебску (у 1923—1924 гг. арганізоўвае курсы эсперанта для медыцынскіх работнікаў).

У Мінску ў 1924 годзе праводзіцца вялікая работа па арганізацыі курсаў і гурткоў па вывучэнню мовы эсперанта. Возьмем хроніку за адзін месяц гэтага года:

8 лістапада — арганізацыйны сход з дакладамі аб эсперанта ў Цэнтральным клубе ЛКСМБ імя КІМа. Прысутнічала 170 чалавек, запісалася на курсы 50 чалавек.

16 лістапада — урачысты сход ячэйкі эсперантыстаў Белдзяржуніверсітэта. З дакладамі выступілі намеснік рэктара ўніверсітэта С. З. Куценбоген (Пралетарыят і міжнародная мова) і прафесар В. Іваноўскі (Эсперанта і навука). Прысутнічала 300 чалавек.

20 лістапада — арганізацыйны сход у цэнтральным клубе ЦСПСБ імя Прафінтэрна. З дакладамі выступілі Кукелка і Самрыштэйн. Прысутнічала 200 чалавек. Запісалася на курсы 35 чалавек.

23 лістапада — даклад Яна Клыса ў цэнтральным партыйным клубе імя Карла Маркса.

У гэты час эсперанта на Беларусі была настолькі папулярнай мовай, што за яе вывучэнне браліся нават цэлыя калектывы. Часопіс «Международный язык» паведамляе сваім чытачам: «Віцебск. Ячэйка камуністычнага саюза моладзі пры станцыі Віцебск вырашыла вывучаць мову эсперанта».

На пачатак 1925 года ў Мінску існавала ячэйка эсперантыстаў пры БДУ (80 чал.), польскім педтэхнікуме (50 чал.), пры ЦК прафсаюзаў (45 чал.), існавалі ячэйкі эсперантыстаў пры цэнтральным партыйным клубе, цэнтральным камсамольскім клубе, цэнтральным яўрэйскім клубе, працаваў гарадскі камітэт эсперантыстаў, які налічваў 25 актывістаў. Працуе акруговы камітэт эсперантыстаў у Бабруйску і там жа ячэйка ў клубе імя Парыжскай Камуны (25 чал.). У Бабруйску працуюць агульнагарадскія курсы эсперанта, а ў Гомелі — 2 групы курсаў для дарослых (100 чал.) і адна для дзяцей і падлеткаў (35 чал.), працуюць курсы па вывучэнню эсперанта ў Новабеліцы пры рабочым клубе, у Новазыбкаве (кіраўнік Кушняроў), у Віцебску і ў іншых гарадах і мястэчках. Вялікую дапамогу ў прапагандзе эсперанта аказвае друк. Для больш актыўнага выкарыстання друку ў Мінску ствараецца Беларускае эсперанцкае газетна-інфармацыйнае бюро. Толькі за год работы гэтага бюро ў беларускім друку надрукавана больш як 400 нататак і артыкулаў пра мову эсперанта ці пра мерапрыемствы эсперантыстаў. Гэтыя матэрыялы ахвотна друкуюць газеты «Савецкая Беларусь», «Звязда», «Мэот» (на польскай мове), «Вэкэр» (на яўрэйскай мове) і інш.

У 1924 годзе Цэнтральнае Бюро Беларускай арганізацыі СЭСР для сувязі з месцамі пачынае выпускаць «Інфармацыйныя лісты», што, зразумела, спрыяла аб’яднанню эсперантыстаў у цэласную арганізацыю за мінімальна кароткі тэрмін. Ужо на I канферэнцыі Беларускай арганізацыі СЭСР 28—29 мая 1925 г. прысутнічала 400 дэлегатаў і гасцей. Аўтарытэт Беларускай арганізацыі СЭСР і яе Цэнтральнага Бюро расце. Ужо на другім з’ездзе СЭСР, які адбыўся 26—30 ліпеня 1925 года ў Маскве, было канстатавана: па колькасці эсперантыстаў — членаў СЭСР Мінск знаходзіцца на другім месцы пасля Масквы. За Мінскам ідуць Ташкент, Уфа і Ленінград.

У гэты час не толькі пашыраецца сетка гурткоў і курсаў, на якіх мову эсперанта вывучаюць толькі ў 1925 годзе больш як 2000 чалавек, але становіцца больш разнастайнай і грамадская работа аб’яднанняў эсперантыстаў. Асаблівую папулярнасць і падтрымку партыйных і камсамольскіх камітэтаў набывае міжнародная рабочая сувязь (міжрабсувязь). Партыйныя і камсамольскія камітэты ўсё больш прыцягваюць для работы ў гэтай справе эсперантыстаў на прадпрыемствы і ў арганізацыі. Мінскія эсперантысты Зм. Снежка і П. Кірушын у часопісе «Международный язык» вядуць спецыяльную рубрыку «Каляндар эсперкара (эсперантыста-карэспандэнта)», а СЭСР выдае лістоўкі «Vero pri Sovetio» («Праўда аб Савецкім Саюзе»). Дзясяткі тысяч гэтых лістовак было пераслана за мяжу на працягу 1926—1935 гадоў у калектыўным і індывідуальным парадку. А ў 1934 годзе Беларускі камітэт СЭСР пачаў выпускаць і свой ПЭК-бюлетэнь «Soveta Blankrusio».

Вялікую ўвагу міжрабсувязі надае і друку. Плённа працуе на гэтай ніве актыўны эсперантыст і рэдактар газеты «Беларуская вёска», а потым старшыня радыёкамітэта ў Мінску Р. Шукевіч-Траццякоў. Газета мае спецыяльную рубрыку «Сярод эсперантыстаў», ахвотна друкуе лісты і допісы замежных эсперкараў. Якое значэнне надавалася ім у той час, можна зразумець хоць бы па такой публікацыі: «Шырокае распаўсюджанне атрымала перапіска рабочых Беларусі са сваімі замежнымі братамі па класу. З пачатку забастоўкі шахцёраў Англіі ў розныя гарады гэтай краіны мінскія эсперантысты накіравалі каля 20 пісьмаў, у якіх віталі барацьбу замежных пралетарыяў з капіталам. У адказ яны атрымалі каля 60 пісьмаў, у якіх англійскія шахцёры расказвалі аб сваім цяжкім матэрыяльным становішчы, барацьбе з буржуазіяй за свае правы, выказвалі падзяку за дапамогу. Англійскі рабочы Тэйлар, напрыклад, пісаў: «Сардэчнае дзякуй рабочым СССР і асабліва вашай Беларусі за тую дапамогу, якую вы аказваеце нам і нашым сем’ям. Не аслабляйце пакуль што вашай дапамогі. Прыйдзе час — і мы аддзячым вас за яе. Пішыце пісьмы: яны падтрымліваюць у нас бадзёрасць, умацоўваюць наш баявы дух. Няхай не забываюць нас вашы эсперантысты» (Савецкая Беларусь. 1926. 8 верас.).

Шырока карыстаецца паслугамі эсперкараў і павятовы друк. Так, часопіс «Международный язык» у № 4 за 1931 год допісам Ф. Буранкова паведамляе: «Сувязь з рабочымі Германіі і Польшчы ўстанавілі эсперантысты Лепеля. Частка атрыманых пісем выкарыстана ў мясцовым друку».

Лепшыя эсперкары рэспублікі ўзнагароджваліся ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі партыйнымі, камсамольскімі камітэтамі, адміністрацыяй прадпрыемстваў і арганізацый. Аб іх пісаў друк. У 1930 годзе эсперантыст з Мінска П. М. Кірушын выдаў у Маскве брашуру «Міжнародная рабочая сувязь на эсперанта», у якой расказаў аб лепшых эсперкарах краіны. За 10 год існавання Беларускага камітэта СЭСР (1924—1933) за мяжу адпраўлена 23 133 лісты, апублікавана 1234 артыкулы аб дасягненнях БССР у замежным друку, 1300 артыкулаў у заводска-фабрычным друку замежных краін. За гэты ж час атрымана 19 317 лістоў ад замежных эсперантыстаў, з іх 5786 апублікавана ў беларускім друку: у часопісах «Полымя», «Узвышша», «Маладняк», «Беларуская работніца і сялянка», у газетах «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска», «Калгаснік Беларусі», «Рабочий» і ў іншых выданнях.

Шырока выкарыстоўваецца міжнародная рабочая сувязь на эсперанта і для паслуг вытворчасці. Зм. Снежка ў часопісе «Международный язык» (1931. № 3) змясціў артыкул «Дзелімся вопытам прымянення эсперанта на службу тэхніцы», у якім на прыкладах Мінскага дрэваапрацоўчага завода і металургічнага завода «Энергія» паказвае, што пры дапамозе эсперанта рабочыя могуць атрымаць неабходныя чарцяжы і падрабязнае апісанне новых тэхналогій.

Міжнародная рабочая сувязь праз дзесяцігоддзі прайшла праверку на трываласць. У 30-я гады беларускія рабочыя калектывы пачалі абмен сцягамі з рабочымі калектывамі заводаў і фабрык замежжа. А аб тым, як гэтыя сцягі зберагаліся рабочымі-эсперантыстамі (напрыклад, Германіі), расказалі беларускія часопісы ў сваіх публікацыях ужо пасля вайны (Іванчанка Г. Пад сцягам еднасці. Беларусь. 1976. № 2; Нікалаеў А. Сімвал непагаснай дружбы. Вячэрні Мінск. 1977. 30 крас. і шмат іншых).

Вялікае значэнне для агітацыі за эсперанта мелі і прыезды на Беларусь прагрэсіўных эсперантыстаў з-за мяжы.

У 1926 годзе Мінск наведалі муж і жонка Міхалічка з Аўстрыі. Яны пабывалі на прадпрыемствах Мінска, у Мінскім польскім педтэхнікуме, у цэнтральным доме адпачынку. На адным са сходаў у рабочым клубе Міхалічка заявіла: «Калі б я не ведала, што знаходжуся ў СССР, я б па аднаму гэтаму цэнтральнаму рабочаму клубу сказала, што знаходжуся ў краіне, дзе ўлада належыць рабочаму класу». Прыезду Міхалічкаў вялікую ўвагу надало Беларускае радыё, гутаркі з імі друкаваліся ў часопісе «Беларуская работніца і сялянка», у газетах «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», што спрыяла ўзнікненню цікавасці насельніцтва да мовы эсперанта.

У 1927 годзе на святкаванне 10-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі быў запрошаны Эйнар Адамсон з Гётэборга (Швецыя). Э. Адамсон застаўся вельмі задаволены сваёй паездкай па краіне Саветаў і выдаў у 1928 годзе кнігу сваіх уражанняў «Пад чырвоным штандарам» на мове эсперанта. У кнізе Беларусі прысвечаны асобны раздзел «У Мінску, сталіцы Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі».

Цікавасць да мовы эсперанта сярод беларускіх пісьменнікаў выклікаў прыезд у Мінск японскага пісьменніка-эсперантыста Акіта Удзяку. У часопісе «Международный язык» (1933. № 4) нават былі апублікаваны выказванні Я. Коласа, Я. Купалы, Зм. Бядулі, П. Галавача, Ц. Гартнага, Р. Кобеца і А. Кучара аб эсперанта.

Беларускія эсперантысты актыўна прапагандавалі беларускую літаратуру. У замежных часопісах на мове эсперанта друкаваліся артыкулы аб паасобных беларускіх пісьменніках і аб беларускай літаратуры наогул. Былі перакладзены паасобныя творы Я. Коласа, Я. Купалы, А. Александровіча, П. Галавача, Ц. Гартнага, Р. Кобеца і інш.

Прапагандзе беларускай літаратуры пры дапамозе эсперанта садзейнічала і беларускае радыё. А пачала мінская радыёстанцыя свае перадачы на эсперанта ў лютым 1926 года з урокаў міжнароднай мовы (45 мінут па панядзелках) і раз на месяц перадачы на мове эсперанта па пісьмах замежных эсперкараў. Курс эсперанта па радыё вёў І. М. Фёдараў (Янка Маўр). Перадачы для замежных слухачоў паступова пачасціліся і сталі праводзіцца двойчы на тыдзень. Адказнай за перадачы стала Фіра Каганоўская, а выканаўцам рэвалюцыйных і беларускіх народных песень на мове эсперанта — вядучы саліст Беларускага радыёкамітэта Н. Пігулеўскі. Ужо ў 1935 годзе замежныя эсперантысты мелі магчымасць слухаць беларускае радыё на мове эсперанта дзесяць разоў на месяц, яго эсперкарамі сталі 542 эсперантысты з 48 краін свету. Пра перадачы беларускага радыё на эсперанта згадвае Кандрат Крапіва ў адным са сваіх апавяданняў.

У 20—30-я гады СЭСР вёў вялікую выдавецкую дзейнасць. У Маскве выдаваліся часопісы «Международный язык» і «Sur posteno» («На пасту»), кнігі па гісторыі інтэрлінгвістыкі і эсперанта, па тэорыі міжнароднай мовы, падручнікі і слоўнікі па эсперанта. У гэтым напрамку вялася работа і на Беларусі. Як паведамляе часопіс «Полымя» (1929. № 3), «Супрацоўнік Беларускай акадэміі навук Міхалевіч склаў эсперанцка-беларускі слоўнік, у які ўвайшло звыш 15 тысяч слоў». Пазней М. Кац падрыхтаваў «Вялікі яўрэйска-эсперанцкі слоўнік, а Зм. Снежка склаў эсперанцка-беларускі і беларуска-эсперанцкі слоўнікі, падрыхтаваў да друку падручнік эсперанта на беларускай мове, пераклад п’есы «Гута» Р. Кобеца на мову эсперанта. Аднак выдаць гэтыя кніжкі не паспелі, і лёс іх невядомы.

Актыўнасць беларускіх эсперантыстаў, як, дарэчы, і эсперантыстаў у іншых рэспубліках, не ўсім была даспадобы. І самыя актыўныя з іх у 1936 годзе неяк адразу сталі «шпіёнамі і ворагамі народа» і не па сваёй волі апынуліся далёка ад Беларусі. Толькі адзінкі змаглі вярнуцца на Беларусь пасля смерці «бацькі народаў».

У Заходняй Беларусі рух эсперантыстаў развіваецца ў лучнасці з Польскім саюзам эсперантыстаў, але адчувае на сабе вялікі ўплыў беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый. Менавіта ў Заходняй Беларусі да эсперанта далучыліся беларускія паэты Максім Танк і Сяргей Новік-Пяюн. Так, напрыклад, у сваёй кнізе «Лісткі календара» (Мн., 1970) Максім Танк згадвае: «Каля Замкавай гары сустрэў Уладака. Пазнаёміўся я з ім яшчэ ў Віленскім студэнцкім гуртку эсперантыстаў, куды мы разам з ім хадзілі, каб стаць сапраўднымі інтэрнацыяналістамі. Мы тады лічылі, што нацыянальныя мовы з’яўляюцца перашкодай на гэтым шляху, бо які ты ў чорта інтэрнацыяналіст, калі прызнаеш толькі сваю мову і змушаеш на ёй гаварыць іншых» (С. 28—29).

У Вільні ў той час існавала некалькі суполак эсперантыстаў. Была нават вуліца Заменгофа, аб якой Максім Танк згадвае ў вышэй названай кнізе: «На бруднай, шумнай вуліцы Заменгофа купіў у кіёску «Ілюстрованы кур’ер цодзенны» — газету, заўсёды поўную сенсацыйных навін з усяго свету» (С. 115).

Цікава распавядае аб распаўсюджванні эсперанта ў Польшчы (а значыць, і ў Заходняй Беларусі) Алег Лойка ў сваёй прадмове да кнігі Сяргея Новіка-П’яюна «Заўсёды з песняй»: «Але мы не ўсё расказалі яшчэ пра юнака з Лявонавіч, закінутага ў высылку на Памор’е. Ён не хацеў заставацца адзінокім. Ён шукаў шырокага, вялікага свету і захапіўся эсперанта — захапіўся ім не толькі як модай міжваенных дзесяцігоддзяў, але як міжнароднай мовай, якую вывучалі вязні Лукішак, на якой перастукваліся ахвяры фашысцкіх засценкаў не толькі ў Польшчы».

Расказваючы аб эсперанта-руху ў Заходняй Беларусі, нельга не прыгадаць Л. К. Шапіру, члена нелегальнай КПЗБ, які, вывучыўшы ў 1923 годзе эсперанта, разгарнуў прапаганду мовы эсперанта сярод членаў партыі і прагрэсіўнай часткі насельніцтва Заходняй Беларусі. Ён стварыў вакол сябе моцны актыў эсперантыстаў, які займаўся агітацыяй за эсперанта, наладжваў выкладанне міжнароднай мовы ў гуртках, выдаваў лістоўкі. Асуджаны польскімі ўладамі за рэвалюцыйную дзейнасць, Л. К. Шапіра сабраў у турме групу камуністаў-эсперантыстаў, кіраваў гуртком па вывучэнню мовы эсперанта, выдаваў рукапісны часопіс «Ruĝverda stelo» («Чырвона-зялёная зорка»).

Нямала зрабіў для развіцця эсперанта-руху ў Заходняй Беларусі Ф. Стэцкевіч, адказны рэдактар часопіса «Летапіс Таварыства беларускай школы». Яго артыкулы пра эсперанта з’яўляліся ў шмат якіх польска- і беларускамоўных перыядычных выданнях Польшчы. Займаўся ён таксама і перакладам з беларускай, польскай і рускай моў.

У Беластоку на ніве эсперанта плённа працаваў Якаў Шапіра. Былі суполкі эсперантыстаў таксама ў Брэсце, Баранавічах, Пінску і ў іншых гарадах. І што яшчэ характэрна: нярэдка можна было сустрэць эсперантыста і ў заходнебеларускіх вёсках.

Пасля вайны ўзнаўленне руху эсперантыстаў у нашай краіне, і ў тым ліку на Беларусі, пачынаецца ў 1955 годзе. Ініцыятарамі аднаўлення выступілі П. М. Кірушын, дацэнт Мінскага педінстытута імя М. Горкага, і І. М. Фёдараў (Янка Маўр).

Ужо ў 1956 годзе ў шматтыражках БДУ, БПІ у рэспубліканскай маладзёжнай газеце «Знамя юности» (1956. 26 кастр.) з’яўляюцца першыя артыкулы аб эсперанта С. Гольдштэйна, Н. Васілеўскага і В. Мацкевіча, арганізоўваюцца гурткі. На першыя курсы эсперанта ў БДУ, напрыклад, запісалася 250 чалавек.

19 студзеня 1957 года ў Мінску ствараецца ініцыятыўная група, якая абрала часовае бюро з 5 чалавек: М. П. Кірушын (старшыня), Н. Л. Васілеўскі (сакратар), М. І. Бранцаў, С. М. Гольдштэйн, З. О. Зімак. Вырашана праводзіць штотыднёвыя сходы па суботах у Палацы культуры Белсаўпрофа.

Газета «Літаратура і мастацтва» ў нумары ад 9 студзеня 1957 года паведамляе, што ў Мінску працуюць гурткі па вывучэнню эсперанта ў БДУ, БПІ, Інстытуце народнай гаспадаркі, Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Выкладаюць мову эсперанта ў гуртках дацэнт С. Гольдштэйн, пенсіянер М. Бранцаў, супрацоўнік Інстытута знешніх зносін К. Рыўкін, студэнт БДУ З. Зімак. Арганізаваны гурткі таксама ў Маладзечна, Паставах, Барысаве, Оршы, Мазыры, Любані.

Цікавасць грамадскасці Мінска ў гэтым годзе выклікала арганізаваная эсперантыстамі выстаўка дзіцячага малюнка з Бельгіі. Аб ёй пісалі газеты «Звязда», «Чырвоная змена», «Беларускі ўніверсітэт». Вялікую цікавасць чытачоў горада і вёскі выклікаў артыкул Янкі Маўра «Эсперанто» ў часопісе «Беларусь» (1957. № 5). Ініцыятыўная група эсперантыстаў атрымала тады сотні лістоў з пытаннямі: дзе дастаць падручнікі і слоўнікі па мове эсперанта? Ці ёсць завочныя курсы па вывучэнню эсперанта?

8 студзеня 1957 года ў памяшканні Беларускага інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава адбыўся рэспубліканскі сход эсперантыстаў, які прыняў рашэнне аб стварэнні Саюза эсперантыстаў Беларусі, прыняў Статут Саюза, выбраў Цэнтральнае Бюро і рэвізійную камісію, аб чым паведаміла «Звязда» (1957 г., 11 снежня). У Цэнтральнае Бюро былі абраны Янка Маўр (ганаровы старшыня), П. М. Кірушын (старшыня), Б. Чачотка (сакратар), B.Д. Сташонак (кіраўнік секцыі міжнароднай сувязі), C.М. Гольдштэйн (кіраўнік секцыі прапаганды эсперанта), З. О. Зімак, М. І. Бранцаў, Б. Элькінд, Ч. І. Цяўлоўскі.

У студзені 1958 года ЦБ СЭБ накіравала пісьмо ў Савет Міністраў БССР з просьбай аб рэгістрацыі Саюза і тлумачальную даведку. Адтуль матэрыялы былі перасланы ў ЦК КПБ. Адказу, аднак, беларускія эсперантысты не дачакаліся і па сённяшні дзень.

Аднак, нягледзячы на гэта, ЦБ працягвае сваю работу. З’яўляюцца новыя гурткі па вывучэнню эсперанта ў Магілёве, Віцебску, Полацку, Горках, Чэрвені, Старых Дарогах, Гомелі, Рэчыцы, Глуску, Ліпску.

У снежні 1958 года з ЦБ выведзены З. Зімак і Ч. Цяўлоўскі і кааптаваны больш працавітыя таварышы: М. П. Мандрык (Мінск), М. А. Мнухін (Рэчыца), М. А. Кавальскі (Віцебск) і Н. З. Назарэнка (Магілёў). 29 лістапада 1959 года М. П. Мандрык выбіраецца намеснікам старшыні Саюза эсперантыстаў Беларусі.

З кастрычніка 1958 года пачынае працаваць гурток эсперантыстаў пры Мінскім педінстытуце замежных моў, якім кіруе выкладчык гэтага інстытута С. Станкевіч.

У 60-х гадах пры дамах і палацах культуры з’яўляюцца клубы па інтарэсах як новая форма культурна-масавай работы. Першым клубам эсперантыстаў на Беларусі стаў студэнцкі клуб «Amikeco» («Дружба»), арганізаваны пры Мінскім педінстытуце замежных моў у кастрычніку 1964 года. Аб рабоце клуба расказаў А. Крэпіч у сваім артыкуле ў газеце «Беларускі ўніверсітэт» (1967 г., 13 кастрычніка).

У 1967 годзе савет клуба «Amikeco» вырашыў правесці работу клуба пад дэвізам «Беларускую літаратуру замежнаму чытачу», аднак вынікі аказаліся невялікія: перакладаліся толькі творы прозы: апавяданні ці ўрыўкі з больш буйных твораў. Таму ў 1974 годзе было вырашана правесці конкурс на пераклад беларускай паэзіі, які прынёс большы плён. У конкурсе прынялі ўдзел Пятрас Чэляускас і Ангеле Юдзіцкене з Літвы, Клара Рабіновіч з Украіны, Н. Даноўскі з Латвіі, Р. Грыншпан з Узбекістана і шмат іншых вядомых эсперантыстаў. Было падрыхтавана тры выпускі «Беларускіх паэтычных сшыткаў» (па 30 экз. машынапісу кожны). Пазней большасць з гэтых перакладаў была надрукавана ў часопісах Балгарыі, Чэхаславакіі, Венгрыі, ГДР.

У кастрычніку 1967 года пры Палацы Белсавпрафа быў створаны інтэрнацыянальны клуб «Эсперанта» — другі клуб эсперантыстаў у Мінску, які хутка наладзіў сувязі з эсперанта-клубамі Прыбалтыкі, Расіі, Украіны і іншых рэспублік нашай краіны, а таксама з эсперантысцкімі арганізацыямі Балгарыі, Венгрыі, Чэха-Славакіі, Польшчы, ГДР, Японіі і іншых краін (Советская Белоруссия. 1968. 1 верас.). Першым старшынёй клуба стаў Б. Чачотка. Гасцямі клуба былі эсперантысты з Патсдама: старшыня рабочага эсперанта-гуртка Ана Шэфс і ветэран эсперанта-руху ў ГДР Карл Мюллер. А члены Мінскага клуба В. Р. Шышко (старшыня клуба) і М. А. Сташэўская (сакратар клуба) былі гасцямі эсперантыстаў ГДР.

Беларускія эсперантысты прымалі таксама ўдзел у міжнародных кангрэсах эсперантыстаў: у 63-м сусветным кангрэсе эсперантыстаў, які адбыўся ў Варне (Балгарыя) — В. Мацюшкоў, В. Шышко і М. Сташэўская (1978), у 68-м кангрэсе (Будапешт, 1983) — В. Баціеўскі, В. Мацюшкоў і М. Сташэўская.

У сакавіку 1979 года адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Асацыяцыі савецкіх эсперантыстаў у Маскве. У праўленне новай усесаюзнай арганізацыі эсперантыстаў быў абраны і мінскі эсперантыст В. Р. Шышко.

Асабліва актывізавалася работа клуба «Эсперанта» з пачатку 80-х гадоў, калі было вырашана знайсці магчымасці арганізаваць эсперанта-клубы ў абласных цэнтрах. Былі арганізаваны завочныя курсы эсперанта. І ўжо ў лістападзе 1981 года ў Брэсце пачынае работу клуб эсперантыстаў «Цытадэль» (старшыня клуба Віктар Ярашэвіч). У снежні 1982 года пачынае работу клуб эсперантыстаў «Vekiĝo» («Абуджэнне») у Віцебску (старшыня клуба Н. Манцэвіч), пазней з’яўляюцца клуб эсперантыстаў у Магілёве «Перамога» (старшыня клуба Н. М. Елісеева), эсперанта-клуб «Espero» («Надзея») у Гродна (старшыня клуба А. Д. Котава), клуб эсперантыстаў «Konkordo» («Згода») у Гомелі, а таксама эсперанта-клубы ў Лідзе (старшыня клуба Б. Ф. Кішкель) і ў Ваўкавыску (старшыня М. П. Стаўбунік). Новыя эсперанта-клубы з’яўляюцца і ў Мінску, гэта эсперанта-клуб «Verda lumo» («Зялёнае святло») пры Доме культуры ВА «Прамбудмантаж» і эсперанта-клуб «Bonvenon» («Сардэчна запрашаем») пры Доме культуры ўпраўлення бытавога абслугоўвання г. Мінска.

У 80-х гадах эсперантысты Мінска правялі шмат масавых мерапрыемстваў: вечар, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Маўра (14 мая 1983 г.), вечар, прысвечаны 60-годдзю арганізаванага руху эсперантыстаў на Беларусі ў снежні 1983 года, вечар, прысвечаны 40-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і інш. Да вечароў рыхтуюцца канцэрты мастацкай самадзейнасці, у якіх прымаюць удзел і артысты Мінскага тэатра музкамедыі Кастусь Лосеў, Ніна Рэвінская, Алег Цівуноў, Ніна Белавусава і Мікалай Адамовіч. З эсперантыстамі супрацоўнічаюць і прымаюць удзел у іх мерапрыемствах і маладыя беларускія кампазітары Аркадзь Гураў і Аляксандр Арэхаў. Яны пішуць музыку на словы беларускіх паэтаў-эсперантыстаў. Трэба назваць і беларускіх паэтаў-эсперантыстаў: Уладзімір Данілаў (Мазыр), Леанарда Волкава (Гродна), Людміла Сільнова, Ігар Белякоўскі і Ала Фрыдман (Мінск).