8.1. Граматычная катэгорыя артыкля, якой няма ў беларускай мове, добра вядома нам са школы: усе мы вывучаем замежныя мовы. Але ў адрозненне ад англійскай, французскай ці нямецкай моў, у эсперанта толькі адзін артыкль. Гэта артыкль la. Для тых, хто вывучае эсперанта артыкль la стварае пэўныя цяжкасці пры яго ўжыванні. Вось асноўныя правілы ўжывання артыкля ў эсперанта:
8.2. Артыкль la выкарыстоўваецца тады, калі аб асобе, прадмеце ці з’яве раней ужо гаварылася: Jen estas tablo. La tablo estas bela. — Вось стол. Стол прыгожы (менавіта той стол, аб якім мы сказалі ў першым сказе).
8.3. Артыкль ужываецца, калі мова ідзе аб прадмеце ці з’яве адзінай у сваім родзе: la Suno — Сонца, la Luno — Месяц.
8.4. Калі дадзенае слова далей азначаецца ў тэксце: La libro, kiun mi legas, estas interesa. — Кніга, якую я чытаю, цікавая.
8.5. Калі назоўнік апускаецца, артыкль ставіцца перад словам, якое азначае апушчаны назоўнік (прыметнікам, парадкавым лічэбнікам, прыналежным займеннікам): Mi prenos vian libron, kaj vi prenu la mian. — Я вазьму тваю кнігу, а ты вазьмі маю.
8.6. Артыкль ставіцца перад азначэннямі да ўласных імёнаў: Petro la Unua — Пётр I, la blua Danubo — блакітны Дунай, la Balta maro — Балтыйскае мора.
8.7. Артыкль ставіцца пры паказе даты і часу: Je la sesa horo. — А шостай гадзіне. En la jaro 1991. — У 1991 годзе. La 5-an de septembro — 5-га верасня.
8.8. Артыкль ставіцца таксама перад назвай цэлага роду рэчаў ці асоб: La hundo estas amiko de la homo. — Сабака — сябар чалавека.
8.9. Артыкль можа стаяць таксама і перад імёнамі ўласнымі, калі яны пераходзяць у агульныя: Ankaŭ hodiaŭ estas Oblomovoj. — І сёння ёсць Абломавы.
8.10. У паэтычнай мове артыкль можа быць выкарыстаны і ў скарочанай форме з апострафам: vundoj de l’koro — раны сэрца.
8.11. Але трэба пазбягаць скарачэння артыкля ў тых выпадках, калі гэта стварае цяжкасці для вымаўлення, напрыклад у словазлучэннях тыпу: per la krajono — алоўкам.
8.12. У цэлым радзе выпадкаў артыкль ужываць нельга. Так, артыкль не ўжываецца, калі гаворка ідзе аб прадмеце, з’яве ці асобе, аб якой раней не згадвалася, аб якой нам нічога невядома, ці калі мы абыякавыя да выбару якога-небудзь прадмета: Donu al mi krajonon! — Дай мне аловак! (які-небудзь). Jen estas elefanto. — Вось — слон.
8.13. Артыкль не ўжываецца перад імёнамі ўласнымі: Moskvo, Viktoro, Volski.
8.14. Артыкль таксама не ўжываецца перад тытуламі і званнямі, якія папярэднічаюць уласным імёнам: Doktoro Zamenhof.
8.15. Артыкль не ўжываецца ў зваротах: Amiko, venu al mi! — Сябра, прыйдзі да мяне!
8.16. Артыкль не ўжываецца таксама перад назвамі месяцаў і дзён тыдня: Lundo estas malfacila tago. — Панядзелак — дзень цяжкі.
8.17. Артыкль не ўжываецца пасля прыназоўніка da: peco da pano — кавалак хлеба.
8.18. Нельга ўжываць артыкль, калі назоўніку папярэднічае колькасны лічэбнік, указальны, прыналежны, адмоўны ці які іншы займеннік: Mi renkontis mian amikon. — Я сустрэў свайго сябра. Nikolao donis al mi du librojn. — Мікола даў мне дзве кнігі.
8.19. Артыкль не ўжываецца, калі гаворка ідзе аб агульных з’явах, пра рэчывы ці поры года: Ĉi-jare somero estis varma. — У гэтым годзе лета было цёплае. Ŝtonoj estas uzataj en konstruado. — Каменне выкарыстоўваецца ў будоўлі.
8.20. Звычайна (але не абавязкова) артыкль не ўжываецца ў назвах кніг: Antologio de belarusa poezio. — Анталогія беларускай паэзіі.
8.21. Артыкль не ўжываецца перад назоўнікам, які з’яўляецца часткай выказніка: Mi estos instruisto. — Я буду настаўнікам.