Вы пазнаёміліся з усім, што павінен ведаць чалавек, які хоча свабодна гаварыць на мове эсперанта, у вобласці граматыкі. Але ў эсперанта, як і ў кожнай нацыянальнай мове, ёсць свае асаблівасці, якіх, скажам, няма ў беларускай мове, але якія ёсць у французскай ці наадварот. Таму неабходна аб некаторых з іх нагадаць тут.
Як і ў беларускай мове, у эсперанта парадак слоў у сказе адвольны. Аднак трэба памятаць, што ад парадку слоў таксама залежыць зразумеласць, даходлівасць мовы ў цэлым. Таму неабходна аддаваць перавагу прамому парадку слоў у сказе — дзейнік, выказнік, іншыя члены сказа: Mi promenis kun iu ĉiutage. — Я рабіў прагулку з кім-небудзь штодзень.
Не перашкаджае паразуменню людзей ужыванне бадай-што толькі акалічнасцей перад выказнікамі: ĉiutage mi promenis kun iu — штодзень я рабіў прагулку з кім-небудзь.
Выклікае парушэнне прамога парадку слоў у сказе і неабходнасць вылучыць ці падкрэсліць тое ці іншае слова ў сказе або тую ці іншую думку ў сказаным.
Асаблівасцямі эсперанта, якія вызываюць пэўныя цяжкасці для беларусаў, з’яўляюцца:
-
Ужыванне артыкля la (гл. 8);
-
Абавязковае ўжыванне дзеяслова-звязкі estas (гл. 12);
-
Ужыванне вінавальнага склону ў некаторых выпадках, напрыклад, пасля дзеясловаў з адмоўем не: не бачыў кнігі (у беларускай мове родны склон) — mi ne vidis libron (у эсперанта — вінавальны).
-
Ужыванне аднаго адмоўнага слова ў сказах тыпу: ён не бачыў нікога (у беларускай мове два адмоўных словы: не, нікога. На эсперанта: li vidis neniun або li ne vidis iun ajn;
-
Ужыванне прыназоўніка da замест de (гл. 19);
-
Ужыванне зваротнага si і ўсіх утвораных форм ад яго;
-
Ужыванне загаднага ладу ў даданых сказах (гл. 12);
-
Ужыванне назоўнага склону замест творнага: ён стаў настаўнікам (творны склон) — li iĝis instruisto (назоўны склон); ён працуе настаўнікам (творны склон) — li laboras kiel instruisto (назоўны склон);
-
Немагчымасць ужывання множнага ліку, калі гаворка ідзе аб адным прадмеце: unu pantalono — адны штаны, du pantalonoj — двое штаноў; unu tondilo — адны нажніцы, tri tondiloj — трое нажніц;
-
Немагчымасць ужывання адзіночнага ліку, калі гаворка ідзе аб прадметах, якіх больш аднаго: terpomoj — бульба, terpomo — бульбіна;
-
Ужыванне множнага ліку пасля лічэбнікаў са словам «адзін»: дваццаць адзін дзень — dudek unu tagoj.
-
Наяўнасць дзеясловаў, якія ў беларускай мове бываюць пераходнымі, а ў эсперанта — непераходнымі і наадварот. Наяўнасць у эсперанта шэрагу нейтральных дзеясловаў, гэта значыць такіх дзеясловаў, якія могуць быць адначасова і пераходнымі і непераходнымі: helpu min ці helpu al mi — дапамажы(це) мне! (гл. 16).
Аднак гэтыя асаблівасці эсперанта не надаюць значных цяжкасцей для тых, хто распачаў вывучэнне мовы эсперанта. Яны абумоўлены перш за ўсё шматлікімі выключэннямі і няправільнасцямі, якія існуюць у нацыянальных мовах, напрыклад у беларускай мове: ісці на завод, ісці ў бібліятэку. Чаму мы ў першым выпадку ўжываем прыназоўнік на, а ў другім — у, ніхто не адкажа. У эсперанта ў такіх выпадках ужываецца адзіны сродак. Бо асноўныя правілы эсперанта — гэта логіка, прастата і аніякіх выключэнняў!