Правілы словаўтварэння і словаскладання ў эсперанта даволі простыя: timi — баяцца, timema — баязлівы, timemulo — баязлівец. Новыя словы ўтвораны па правілах і памылкі тут не павінна быць. Аднак давайце больш уважліва прыгледзімся да новых утвораных намі слоў. У слове timema суфікс -em- выконвае сваю лексічную нагрузку. А вось у слове timemulo лексічная нагрузка пераходзіць на суфікс -ul-, а неабходнасць суфікса -em- губляецца. І хоць словаўтварэнне timemulo з’яўляецца і лексічна і граматычна правільным і памылкі тут няма, аднак слова timulo карацейшае, а значэнне ў абодвух слоў адно: баязлівец. Гэта значыць, што неабходнасці ў суфіксе -em- няма, а дастаткова толькі суфікса -ul-. Вось так і праяўляецца адзін з асноўных прынцыпаў эсперанта: прынцып неабходнасці і дастатковасці. Ён і характарызуе ўжывальнасць тых ці іншых слоўных форм. Асабліва гэта датычыць такіх суфіксаў, як -ad-, -aĵ-, -ec-. Вельмі часта неабходнасць ужывання таго ці іншага суфікса нам падказвае сам змест: La bono kaj la belo ĉiam altiras nin. — Дабрыня і прыгажосць заўсёды прыцягваюць нас. Mian atenton altiris ŝia beleco. — Маю ўвагу прыцягнула яе прыгажосць. Post longa laborado oni devas ripozi. — Пасля доўгай працы трэба адпачыць. Post laboro mi revenas hejmen per aŭtobuso. — Пасля працы я вяртаюся дамоў аўтобусам. Al mi plaĉas via kantado. — Мне падабаецца ваша спяванне. Mi volonte aŭskultus vian novan kanton. — Я б ахвотна паслухаў вашу новую песню. Bonvolu ripeti la rekantaĵon! — Калі ласка, паўтарыце прыпеў. Oni elektis sinjorinon Marta Fischer prezidanto (замест: prezidantino) de la esperantista klubo. — Спадарыню Марту Фішэр абралі прэзідэнтам клуба эсперантыстаў.
Зыходзячы з прынцыпу дастатковасці і неабходнасці, трэба перасцерагчы пачаткоўцаў-эсперантыстаў ад абцяжарвання мовы складанымі формамі дзеяслова. Напрыклад, навошта гаварыць: Mi estas leganta (я чытаю), калі тое ж самае азначае простае і яснае словазлучэнне mi legas? Зусім іншая справа, калі гэтага патрабуюць акалічнасці ці стыль мовы аўтара: mi ne povas tuj veni, mi estas min bananta — я не магу зараз жа прыйсці, я купаюся (мыюся ў ваннай); падвойнае ўжыванне паказчыка цяперашняга часу -a- (у дапаможным дзеяслове esti і ў галоўным (сэнсавым) дзеяслове bani sin дае магчымасць падкрэсліць, што дзеянне праходзіць менавіта ў гэты самы час.
Такім чынам, мы бачым, што прынцып дастатковасці і неабходнасці датычыцца не толькі словаўтварэння, але і складаных граматычных форм. Трэба заўсёды мець на ўвазе, што, чым прасцей будзе пабудаваны сказ, тым больш зразумелым ён будзе для субяседніка; асабліва гэта важна таму, што эсперанта для ўсіх людзей свету з’яўляецца мовай не роднай, а другой, дапаможнай у зносінах з людзьмі іншых нацыянальнасцей.